Зброя

Тема

---------------------------------------------

Уладзімір Караткевіч

РАЗДЗЕЛ І

Нізкія — рукой дастаць — хмары пахнулі вугальным дыхам. А можа, гэта і быў дым. Яго несла, варочала, цягнула над Мікалаеўскім вакзалам, над плошчай, над вулкамі, тупікамі, над горадам, над усім светам. Варта было купляць аж у Ангельшчыне кардыф* і везці яго сюды, каб так засмуродзіць неба.

* Ангельскі (з паўднёвага Ўэльса) антрацыт высокага гатунку.

Менавіта ў такі дзень, гнілы лютаўскі дзень 1862 года, прыехаў у Маскву будучы камісар паўстанцаў Ніжняга Прыдняпроўя князь Алесь Загорскі з сябрам Мсціславам Маеўскім, старым «дзядзькам» Кірдуном (а па прозвішчы «Халява») і «дзядзькаваным» сваім братам, вольнаадпушчанікам, Кандратам Кагутом.

Дзве мэты было перад імі: закупіць патрэбную дзеля паўстання зброю і яшчэ — паспрабаваць вызваліць Кандратавага блізнюка, Андрэя, якога вось-вось павінны былі прывезці этапам з Беларусі ў Бутырскую турму.

Пажыццёвая высылка. Згадзіцца на гэта было немагчыма. Больш, чым брат. Брат па крыві — па выхаванню і думках. Брат, кінуты ў няволю за тое, што спяваў на кірмашы песню, якую напісала твая рука, прыдумаў твой мозг. Нельга было паважаць сябе, каб дапусціў, што друга, брата б'юць «на Балоце» бічом, а пасля вядуць у ланцугах Уладзімірскай дарогай.

…Не лютаўская, гнілая сыпала на горад мжычка, напалам з жоўтым снегам. Паўз снежныя горы цягнуліся праезджыя дарожкі, і на іх стаялі лужыны колеру мачы, глыбокія, ператоўчаныя са снегавой кашай.

З цягніка амаль ніхто не сышоў. Дый каму было ездзіць у такое надвор'е? Справы пачакаюць да сухіх дарог, а цяпер сядзі, браце, ля печкі.

Ля пустой рамізніцкай стаянкі яны стаялі толькі чатырох. Наперадзе, нібы чужыя, Мсціслаў з Кандратам. За імі — Алесь з Кірдуном.

— Стаў кофры, хамская морда. — У Мсціслава смяяліся вочы. — М-маеш ты ў мяне.

Ён даводзіў так Кагута ўсю дарогу… Той і цяпер толькі носам сапнуў.

У чорным паліто, у ласіных пальчатках і занадта модных чаравіках Мсціслаў быў дзіва які добры — ні даць ні ўзяць эўрапеізаваны купчык з багатых таганскіх недарасляў. Алесь толькі пасмейваўся, паглядаючы на яго.

— Да Макарыя на кірмаш едзе, сукін сын, — нібыта аб чужым, сказаў Кірдуну Алесь. — Пявічак там будзе ў шампанскім купаць, у рэдэрэры, пяць семдзесят бутэлечка. Х-хам.

У Мсціслава непрыкметна закалаціліся плечы.

— Слухай, Мсціслаў, — ужо сур'ёзна сказаў Загорскі. — Вы зараз з Кандратам паедзеце першыя. Спыніцеся ў гасцініцы «Дрэздэн», на Цвярской плошчы… Возьмеш трохпакаёвы нумар з асобным пакоем для Кандрата. Ты ж мільянер, купец.

— Чорт яго пабірай. Ніколі не думаў, што ўдаваць дрэнныя манеры так цяжка.

— Звыкнеш… А мы з Кірдуном паедзем у гандлёвы цэнтр. Спынімся там у нумарах пры «наватроіцкім» тракціры… Я адразу дашлю Кірдуна са звесткай аб нумары.

— Не разумею, нашто гэта, — сказаў Кандрат Кагут. — Адразу драбіць хаўрус.

— Я т-табе дам хаўрус, хам, — сказаў Мсціслаў. — Ведай сваё месца. Ты — слуга, а ніякі мне не хаўруснік.

— Так трэба, Кандрат, — сказаў Алесь. — Наш тракцір на Іллінцы, у самым гандлёвым цэнтры, Андрэя павязуць добра калі праз два месяцы. За гэты час я павінен наладзіць сувязі з гандлярамі… І не толькі легальнымі, а і падспуднымі, Давядзецца зведаць увесь патаемны рынак, стаць там сваім чалавекам.

— То што?

— Гэта не тое што купіць стрэльбу на дыван над ложкам, — сурова сказаў Алесь. — Нам усё ж трэба дзве тысячы стрэльбаў, столькі ж халоднай зброі, ды жалеза для паробак, ды паперы, бо ў Кастуся зрываецца справа.

— Можна было і бліжэй купіць, — сказаў Мсціслаў. — Паперу — у Добрушы, на паскевічаўскай мануфактуры. Зброю — недзе ў Польшчы ці ў Рызе.

— Угу, — іранічна сказаў Алесь.

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке